Роля беларускага народа ў перамозе над фашызмам

 











РЕФЕРАТ


на тэму:



«Роля беларускага народа ў перамозе над фашызмам»



Уводзіны


Разгром фашысцкай Германіі, а затым мілітарысцкай Японіі ў вайне 1939-1945 гг. мае сусветна-гістарычнае значэнне. Вялікая перамога над дзяржавамі агрэсіўнага блока была атрымана ў імя міру і жыцця на Зямлі. Яна аказала велізарнае ўздзеянне на ўвесь ход сусветнага развіцця ўжо тым, што абектыўна зявілася гістарычным прысудам фашызму і мілітарызму, пераканаўчым пацвярджэннем важнасці абяднання самых розных палітычных, сацыяльных, ідэалагічных сіл супраць ваеннай пагрозы, усякага роду рэваншызму, фашызму і неафашызму.

Другая сусветная вайна, якая працягвалася шэсць гадоў, скончылася. Гэта было самае вялікае ваеннае сутыкненне за ўсю гісторыю чалавецтва. У вайну была ўцягнута 61 дзяржава з насельніцтвам 1,6 млрд чалавек. У радах узброеных сіл знаходзілася 110 млн чалавек. Ваенныя падзеі разгарнуліся на тэрыторыі 40 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, на марскіх прасторах Атлантычнага, Ціхага, Індыйскага і Паўночнага Ледавітага акіянаў. У гэтай крывавай бойні загінула больш за 50 млн чалавек. Найбольшы ўрон панёс Савецкі Саюз, які страціў звыш 27 млн чалавек. [4, с. 194].

На ратных палях Еўропы палягло звыш 1 млн савецкіх воінаў. Пры вызваленні Польшчы загінула 600 тыс. салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, Чэхаславакіі - 140 тыс., Венгрыі - 140 тыс., Румыніі - 69 тыс., Аўстрыі - 26 тыс., Югаславіі - 8 тыс., Нарвегіі - больш за 2 тыс., Фінляндыі - каля 2 тыс., Кітая - 8 тыс., Карэі - 1,5 тыс. Больш за 100 тыс. савецкіх воінаў загінула на зямлі Германіі. [4, с. 194].

Савецкі Саюз вынес на сабе асноўны цяжар вайны і адыграў рашаючую ролю ў разгроме германскага нацызму і японскага мілітарызму. Галоўным фронтам Другой сусветнай вайны быў савецка-германскі, у складзе якога дзейнічала ад 190 да 270 дывізій краін гітлераўскага блока. Англа-амерыканскімі войскам процістаялі ў Паўночнай Афрыцы 8-20, у Італіі - 9-26, у Заходняй Еўропе - 56-75 дывізій. Савецкія войскі разграмілі і ўзялі ў палон 607 дывізій краін гітлераўскага блока, саюзнікі - 176. [4, с. 194].

Пераадольваючы вялікія цяжкасці, прамысловасць Савецкага Саюза значна перавысіла германскую як па колькасці, так і па якасці выпускаемай ваеннай тэхнікі. З 1 ліпеня 1941 г. па 1 верасня 1945 г. у СССР было выпушчана 112,1 тыс. баявых самалётаў, каля 102,6 тыс. танкаў і самаходных установак, 834 тыс. гармат і мінамётаў. [4, с. 195].

На савецка-германскім фронце былі разгромлены галоўныя сілы Германіі. Яе страты склалі забітымі, параненымі і палоннымі 10 млн чалавек, ці 73% ад агульнай колькасці загінуўшых германскай арміі. Савецкімі войскамі было вызвалена 11 еўрапейскіх краін, плошчай больш за 1 млн кв. км з насельніцтвам 113 млн чалавек. [4, с. 195].

Велізарнымі былі матэрыяльныя страты, якія перавысілі 316 млрд долараў. З іх на долю СССР прыйшлося каля 41%. Вялікую цану заплаціў савецкі народ за перамогу: за 1941-1945 гг. былі поўнасцю ці часткова разрабаваны амаль 32 000 прамысловых прадпрыемстваў, 98 000 калгасаў, 1876 саўгасаў, 2898 МТС, прадпрыемстваў сувязі, 39 000 бальніц, паліклінік і амбулаторый, 82 000 школ, 1520 сярэдніх навучальных устаноў, 334 ВНУ. Германскія захопнікі знішчылі 1710 гарадоў і пасёлкаў, звыш 70 000 вёсак, пазбавілі жылля 25 млн чалавек Савецкага Саюза. [4, с. 195].

Разам з усімі народамі Савецкага Саюза з гонарам выканаў свой абавязак перад Радзімай і чалавецтвам беларускі народ. Вогненны смерч вайны адгукнуўся на лёсах мільёнаў яе жыхароў, якіх ваенная віхура сарвала з родных месц і раскідала па пажарышчах вайны. Звыш мільёна чалавек было мабілізавана ў дзеючую армію, сотні тысяч людзей працавалі ў савецкім тыле. І дзе б выхадцы з Беларусі ні знаходзіліся - у франтавым акопе, за штурвалам самалёта ці рыгачамі танка або каля станка, - усюды яны праяўлялі вытрымку, адвагу, працавітасць. На алтар Вялікай Перамогі Беларусь прынесла мільёны жыццяў сваіх грамадзян. Ні адной сямі не абышла вайна, таму нашы людзі добра ведаюць цану заваяванага міру.

1. Героі Вялікай Айчыннай вайны


На фронт нярэдка накіроўваліся цэлымі семямі. З сямі Сцяпана Пляца, жыхара вёскі Азярцы Талачынскага раёна, супраць захопнікаў змагаліся чатыры сыны - Дзмітрый, Леанід, Міхаіл і Іван і дзве нявесткі - Раіса і Руфіма. Усе яны служылі ў авіяцыі. За перыяд вайны зрабілі 2640 баявых вылетаў, былі ўзнагароджаны 50 ордэнамі і медалямі, а Руфіма і Раіса сталі Героямі Савецкага Саюза. [2, с. 315]. Астатнія члены гэтай сямі прымалі ўдзел у партызанскім руху.

Жыхарка гарпасёлка Бялынічы Тадора Храбрая адправіла на фронт шасцярых сваіх сыноў. Столькі ж сыноў паслаў у Чырвоную Армію і быхаўскі калгаснік Акім Красоўскі. Двое з іх загінулі смерцю мужных пад Масквой, а старэйшы Сцяпан, які лятаў на штурмавіку, стаў маршалам авіяцыі. Анастасія Фамінічна Купрыянава з горада Жодзіна на фронт паслала пяць сваіх сыноў, адзін з іх - малодшы Пётр праславіўся, пры ліквідацыі акружанай групоўкі ворага на тэрыторыі Латвіі, паўтарыўшы подзвіг А. Матросава. У Жодзіна ўстаноўлены помнік маці-патрыётцы і 5 яе загінуўшым сынам, у хаце, дзе яна жыла, створаны музей.

У бітве пад Масквой праславіўся конны корпус, якім камандаваў ураджэнец Бешанковіцкага раёна Л.М. Даватар. Мужныя коннікі пад яго кіраўніцтвам пранікалі ў глыбокі тыл і нечакана зяўляліся там, дзе іх вораг не чакаў. Яны грамілі штабы і гарнізоны праціўніка, падрывалі масты, разбуралі лініі сувязі, спрыялі вызваленню многіх населеных пунктаў Падмаскоўя. Адважны камкор загінуў смерцю мужных у снежні 1941 г. каля вёскі Палашкіна, што пад горадам Руза.

На заснежаных палях Падмаскоўя праславіліся таксама гамяльчане браты Аляксандр і Пётр Лізюковы. Палкоўнік А.І. Лізюкоў удзельнічаў спачатку ў чэрвеньскіх баях 1941 г. на рубяжах ракі Бярэзіны, затым было пакутлівае адступленне, баі пад Масквой, у якіх ён камандаваў 1-ай гвардзейскай мотастралковай дывізіяй. Пазней стаў на чале танкавай арміі. За мужнасць і гераізм, умелае кіраўніцтва войскамі ў выключна складаных умовах яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Але таленавіты военачальнік, аўтар кніг і артыкулаў па ваеннай справе загінуў 25 ліпеня 1942 г. у баі каля вёскі Мядзвежжа Варонежскай вобласці. Гераічна змагаўся і брат Аляксандра - палкоўнік П.І. Лізюкоў. У 1945 г. яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Танкіст Г.А. Палаўчэня - ураджэнец Слуцкага раёна, камандаваў асобым танкавым батальёнам. Яго танкісты праславіліся пры вызваленні Калінінскай вобласці, за што камбат стаў Героем Савецкага Саюза. Другі ўраджэнец Міншчыны Д.У. Гліцэвіч праславіўся пад Масквой, камандуючы стралковым палком.

Выхадцы з Беларусі гераічна змагаліся не толькі на зямлі, але і ў паветры. Першы ў гісторыі вышынны паветраны таран здзейсніў у маскоўскім небе беларус А.М. Катрыч, лётчык 12-га знішчальнага авіяпалка. Званне Героя Савецкага Саюза атрымалі таксама і яго землякі - мінчанін І.І. Казлоўскі і віцябчанін П.Ф Сычэнка.

Ураджэнец Бабруйскага раёна Р.В. Булацкі вайну сустрэў на Далёкім Усходзе. Сумесна са сваімі сябрамі ён на асабістыя зберажэнні набыў самалёт-бардзіроўшчык і пасля некалькіх настойлівых патрабаванняў быў накіраваны на фронт. Ён мужна граміў захопнікаў на тэрыторыі Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі, удзельнічаў у штурме Берліна. За гады вайны зрабіў звыш 180 баявых вылетаў, узнагароджаны многімі баявымі ордэнамі і медалямі.

Шмат выхадцаў з Беларусі праславіліся ў паветраных баях з ворагам пад Ленінградам (А.К. Антоненка, Т.К. Аксанаў, І.М. Габрынец, Ц.С. Жучкоў, І.А. Каўшараў, Б.І. Коўзан, П.А. Пілютаў, Г.С. Пінчук), на Каўказе (Д.І. Лугаўскі, М.І. Семянцоў, М.К. Наумчык), пад Сталінградам (А.А. Аляхновіч, М.А. Карначонак, І.Ф. Казакоў, І.П. Мілет, А.Р. Івашка).

На марскіх прасторах Балтыкі праславіўся віцэ-адмірал В.П. Дрозд, уражэнец Буда-Кашалёва. Пад яго камандаваннем восенню 1941 г. караблі Балтыйскага флоту зрабілі смелы прарыў з Таліна ў Кранштат, выратавалі і пераправілі на Ленінградскі фронт абаронцаў паўвострава Ханка. Адважны адмірал загінуў у студзені 1943 г. на лядовай трасе пад Кранштатам.

На Балтыцы праславіўся таксама капітан 3-га рангу С.Н. Багарад, камандзір падводнай лодкі, ураджэнец Віцебшчыны. За час вайны яго лодка затапіла 7 варожых караблёў. Старшыня 2-ой стацці П.С. Байцоў родам з Магілёўшчыны, плаваў на легендарнай падводнай лодцы «С-13», удзельнічаў у патапленні 3 варожых транспартаў, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

У абароне Ленінграда ўдельнічалі і многія іншыя воіны з Беларусі. У іх ліку - танкіст А.М. Усаў, артылерысты А.І. Шпакаў, В.Л. Цітоў, Н.В. Нікіцін, снайперы Ф.А. Смалячкоў, кулямётчыкі Р.А. Мацкевіч, П.Х. Кузьмянкоў. На ліку кожнага з іх сотні знішчаных варожых салдат і афіцэраў.

У баях пад Сталінградам праславіліся 40-ая гвардзейская дывізія, якой камандаваў ураджэнец Магілёўскай вобласці А.І. Пастрэвіч. Тысячы воінаў з Беларусі прымалі ўдзел у баях пад Курскам. Сын селяніна з вёскі Машканы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці А.К. Гаравец з паветра прыкрываў наземныя войскі ў раёне Уладзіміраўка - Альхаватка. 6 ліпеня 1943 г., вяртаючыся на свой аэрадром, уступіў у бой з 20 варожымі бамбардзіроўшчыкамі, збіў 9 самалётаў праціўніка. Гаравец - адзіны ў свеце лётчык, які ў адным паветраным баі збіў столькі самалётаў ворага. Адважны лётчык сам загінуў у тым баі, пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго іменем названы вуліцы ў Віцебску, Мінску, Полацку, Сянно, Багушэўску, Машканская сярдняя школа і саўгас у Сенненскім раёне.

Мужнасць і адвагу пряўлялі не толькі воіны-мужчыны, але і жанчыны - жыхары Беларусі. Пад Ленінградам у радах снайпераў знішчала фашыстаў В.І. Лукашэнка, у міжрэччы Волгі і Дона - бабруйчанка А.К. Стампкоўская. На Крымскім паўвостраве - лётчыцы-гамяльчанкі Г.І. Дакутовіч і П.У. Гельман. Апошняя за час вайны зрабіла 850 баявых вылетаў, удастоена звання Героя Савецкага Саюза, многіх іншых узнагарод.

Шырока вядома імя ўраджэнкі хутара Шаўцова Расонскага раёна З.М. Тусналобавай. На фронт яна трапіла ў красавіку 1942 г., асабіста вынесла з поля бою 128 параненых. [2, с. 317]. У лютым 1943 г. на тэрыторыі Курскай вобласці была цяжка паранена, адмарозіла рукі і ногі, якія прыйшлося ампутаваць. Але не пакінула рады змагароў, выступала па радыё, у друку, заклікала змагацца з ворагам да поўнай перамогі. На фронце былі самалёты, танкі, пушкі, мінамёты з надпісам «За Зіну Тусналобаву». Яна ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза. Міжнародны Камітэт Крыжа ўзнагародзіў яе сваім медалём.

Пры ліквідацыі корсунь-шаўчэнкаўскай групоўкі ворага праявіла сябе танкавая брыгада пад камандаваннем брэстаўчаніна палкоўніка М.В. Хоцімскага. За выключную вернасць і заслугі, праяўленыя пры вядзенні баявых аперацый, прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт узнагародзіў яго ордэнам «Легіён пашаны афіцэрскай ступені». Пры фарсіраванні ракі Жыжын, прытока Прута, праславіўся клімаўчанін кулямётчык Д.П. Жмуроўскі: калі яго кулямёт быў выведзены са строю, адважны стралок гранатамі падавіў разлік праціўніка і захопленым ў яго кулямётам забяспечыў поспех наступлення сваёй роты, за што быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Выхадцы з Магілёўскай вобласці танкісты-палкоўнікі С.Ф. Шутаў, Е.І. Гусакоўскі і І.І. Якубоўскі за праяўленыя мужнасць і адвагу, умелае кіраўніцтва баявымі дзеяннямі сваіх часцей былі двойчы ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Двойчы гэту ўзнагароду атрымаў былы сталяр Гомельскага дрэваапрацоўчага камбіната лётчык П.Я. Галавачоў.

За межамі Бацькаўшчыны на завяршаючым этапе вайны праславіліся воіны-беларусы А.А. Жук, А.М. Дулеба - родам з Міншчыны, А.Я. Ліпуноў і Д.Н. Пінязькоў - з Гомельшчыны, А.А. Мінін - з Полаччыны, З.Р. Лышчэня - з Любаншчыны, А.К. Шмыгун - з Бабруйска. Пры фарсіраванні рэк Нэйсе, Шпрэі, штурме Берліна і вызваленні Прагі праславіліся танкісты роты старшага лейтэнанта А.А. Філімонава, ураджэнца вёскі Кучын Кармянскага раёна, якому было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У штурме рэйхстага ўдзельнічала нямала воінаў-беларусаў. Першым праз галоўныя дзверы будынка ў рэйхстаг прарваўся малодшы сяржант Пётр Пятніцкі, родам з Мазыра. Аднак ён быў забіты варожай куляй. У ліку першых у рэйхстаг уварваўся і старшы сяржант Л.І. Прыгожы, былы рабочы з Багушэўска. У самім будынку ён знішчыў 8 салдат праціўніка. Сувязісты 756-га стралковага палка радавы К.Я. Кугач, селянін з Пружанскага раёна, разам з радавым Ф.К. Яршом, ураджэнцам Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, хутка ўстанавілі сувязь штурмуючай групы з камандаваннем палка, што дапамагло атакуючым. Яны былі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені.

На заключным этапе другой сусветнай вайны на Далёкім Усходзе сыны Беларусі таксама прявілі мужнасць і адвагу. 12-ай марской штурмавой авіядывізіяй камандаваў ураджэнец Жлобіна палкоўнік М.У. Барташоў. Лётчыкі яго авіядывізіі патапілі 12 японскіх караблёў. Атрадам марской пяхоты камандаваў гамяльчанін Ц.А. Пачтароў. У ліку дэсантнікаў быў і яго зямляк капітан В.А. Кот, які ў баі замяніў параненага камандзіра і сваім прыкладам натхніў байцоў на штурм варожых умацаванняў. Усе трое сталі Героямі Савецкага Саюза.

Залатой Зоркай быў адзначаны подзвіг намесніка начальніка аператыўнага аддзела штаба 15-ай арміі падпалкоўніка М.А. Ласкунова, былога селяніна Сіроцінскага раёна Віцебскай вобласці. Коштам свайго жыцця ён забяспечыў своечасовую дастаўку загада войскам, якія падрыхтаваліся да штурму горада Фуцдзін. 203-яй стралковай дывізіяй, якая разам з іншымі злучэннямі здзейсніла 1350-кіламетровы цяжкі баявы пераход па Маньчжурскаму плато і Вялікаму Хінгану, камандаваў генерал-маёр Г.С. Здановіч, ураджэнец Навагрудскага раёна. Яму таксама было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Ураджэнцамі Беларусі былі выдатныя военачальнікі, якія сталі затым маршаламі: В.Д. Сакалоўскі, І.І. Якубоўскі, С.А. Красоўскі, генералы арміі А.Г. Антонаў, І.І. Гусакоўскі, генерал-палкоўнік А.Р. Бацюня, У.П. Камера, Ф.І. Кузняцоў, контр-адмірал В.Е. Ананіч - усяго 217 генералаў і адміралаў. У складзе ваенна-павертаных сіл з ворагам змагаліся 5305, у бронетанкавых і механізіраваных часцях 2490 афіцэраў з Беларусі. [2, с. 319].

За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, звыш 300 тыс. воінаў-беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі, 441 з іх прысуджана званне Героя Савецкага Саюза, 65 чалавек сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы.

У той жа час на беларускай зямлі, і ў драматычным 1941 г., і ў час вызвалення, у радах партызан і падпольшчыкаў самааддана змагаліся з ворагам тысячы прадстаўнікоў шматлікіх нацый і народнасцей Савецкага Саюза.

Сярод камандзіраў партызанскіх атрадаў і брыгад былі рускія В.Т. Варанянскі, А.Ф. Данукалаў, К.С. Заслонаў, В.І. Лівенцаў, У.І. Нічыпаровіч, Я.Ф. Філіпскіх, украінцы М.Х. Балан, А.П. Брынскі, О.С. Бычок, Ф.Ф. Капуста, грузіны І.Г. Шубітыдзе, В.М. Талаквадзе, армянін В.В. Агаджанян, карачаевец А. Касаеў, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. За ўдзел у партызанкай і падпольнай барацьбе на тэрыторыі Беларусі званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена 46 беларусам, 34 рускім, 3 украінцам і іншым.

Беларускі народ памятае тых, хто аддаў жыццё за вызваленне Бацькаўшчыны. Як сімвалы вечнай славы воінам Савецкай Арміі і партызанам узвышаюцца ў Мінску, іншых гарадах і населеных пунктаў Беларусі велічныя помнікі-абеліскі. На 21-ым кіламетры Маскоўскай шашы сімвалам вечнай удзячнасці беларускага народа воінам-вызваліцелям узняўся Курган Славы. Аб гэтым сведчаць і іншыя помнікі.


2.Патрызаны, падпольшчыкі і працоўны люд Беларусі


Свой уклад у разгром фашысцкіх захопнікаў унеслі партызаны і падпольшчыкі Беларусі, якую ў гады акупацыі па праву называлі «Рэспублікай-партызанкай». Крыніцамі шырока распаўсюджанага ў рэспубліцы партызанскага руху былі патрыятызм нашых людзей, адданасць сваёй Айчыне і нянавісць да ворага.

За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага патрыёты Беларусі нанеслі акупантам вялікі ўрон у тэхніцы і жывой сіле. Па даных акадэміка І.С. Краўчанкі, у гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі налічвалася 1255 партызанскіх атрадаў, з якіх 997 знаходзіліся ў складзе 213 брыгад. [2, с. 195]. У 1944 г. усяго ў партызанскіх фарміраваннях Беларусі дзейнічала 374 тыс. чалавек. Аналіз даных дазваляе даць наступную характарыстыку партызан Беларусі: ад усяго іх складу па палітычнаму становішчу - членаў КП(б) Б было 11,5%, членаў ЛКСМБ -26%; па нацыянальнаму складу - беларусаў было 71,2%, рускіх - 19,3%, украінцаў - 3,8%, яўрэяў - 2,1%, палякаў - 0,8%, іншых нацыянальнасцей - 2,8%; па сацыяльнаму складу - сялян налічвалася 39,61%, прадстаўнікоў інтэлегенцыі - 20,04%, рабочых - 17,01%, навучэнскай моладзі - 12,16%, ваеннаслужачых - 11,18%; па полу - мужчын было 84%, жанчын - 16%; 54,06% партызан складалі маладыя людзі ва ўзросце да 26 гадоў. [2, с. 195-196].

За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага патрыёты Беларусі знішчылі і паранілі каля 500 тыс. гітлераўцаў і іх прыслужнікаў, разграмілі 948 штабоў і гарнізонаў, знішчылі 18 700 аўтамабіляў, спалілі і разбурылі 819 чыгуначных і 4710 шашэйных мастоў, пашкодзілі 300 тыс. чыгуначных рэек, 7,3 тыс. км сувязі. Яны збілі ў паветры і вывелі са строю на аэрадромах 305 самалётаў, падбілі 1355 танкаў і бронемашын, 438 гармат; знішчылі 939 складоў. Партызаны захапілі багатыя трафеі: 363 гарматы і мінамёты, 1874 кулямёты, каля 21 тыс. вінтовак і аўтаматаў. [2, с. 196].

За гераізм і мужнасць 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 87 чалавекм прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У барацьбе з ворагам загінула 44 791 партызан, велізарныя страты панесла падполле. [2, с. 196]. Напрыклад, з 1500 падпольшчыкаў Віцебска загінуў кожны трэці. Прыкладна такая ж сітуацыя была і ў іншых падпольных арганізацыях.

Патрыятычным рухам у Беларусі кіравалі падпольныя і партыйныя органы і арганізацыі. Усяго ў 1941-1944 гг. дзейнічала 10 абкамаў, 17 міжрайкамаў і міжрайпартцэнтраў, 8 гаркамаў, 2 гаркамы-райкамы, 166 райкамаў КП(б) Б і 184 тэрытарыяльныя партыйныя арганізацыі. [2, с. 196]. Актыўна дзейнічала камсамольска-маладзёжнае падполле. У гады вайны дзейнічалі 10 абласных, 6 міжраённых, 189 раённых, 13 гарадскіх падпольных камітэтаў ЛКСМБ і амаль 3 тыс. падпольных арганізацый. У заходніх абласцях актыўна працавалі 2 абласныя, 3 міжраённыя, 4 гарадскія, 27 раённых і 355 маладзёжных антыфашысцкіх арганізацыі. [2, с. 196]. Партызанская барацьба, падпольны рух, а таксама масавае супраціўленне мірнага насельніцтва Беларусі ўсім мерапрыемствам акупантаў ператварылася ў адзін з рашаючых фактараў разгрому фашысцкага нашэсця.

Значны ўклад у перамогу над вогарам унеслі працоўныя Беларусі, эвакуіраваныя на ўсход краіны. Знаходзіліся яны галоўным чынам у Паволжы, на Урале, у Заходняй Сібіры. У асноўным эвакуіраваныя прадпрыемствы зліваліся з мясцовымі, аднароднымі па профілю. Аднак каля 20 пераважна буйных прадпрыемстваў захавалі самастойнасць. Ужо ў жніўні - верасні 1941 г. пачалі даваць прадукцыю 15 эвакуіраваных заводаў, у кастрычніку - лістападзе - яшчэ 20. [2, с. 321]. Да лета 1942 г. на абарону працавалі больш за 60 беларускіх прадпрыемстваў.

У цяжкіх умовах ваеннага часу рабочыя, інжынерна-тэхнічныя работнікі паказвалі ўзоры працоўнага гераізму. Так, завод «Гомсельмаш» быў адноўлены ў Кургане за адзін месяц. За такі ж час стаў даваць ваенную прадукцыю і калектыў Гомельскага станкабудаўнічага завода. У верасні 1941 г. далі прадукцыю гомельскія паравозавагонарамонтны і суднарамонтны заводы, віцебскія станкабудаўнічы імя Камінтэрна, фабрыкі імя КІМ і імя К. Цэткін, у кастрычніку - лістападзе - гомельскі завод «Рухавік рэвалюцыі», Віцебскі іголкавы, фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і іншыя.

Адвагу і стойкасць праявілі ў гады вайны эвакуіраваныя беларускія чыгуначнікі. Часта з небяспекай для жыцця яны вадзілі паязды ў прыфрантавой паласе, падвяргаліся налётам варожай авіяцыі. Першай сярод работнікаў чыгункі з апярэджаннем графіка, без дадатковага набору паліва правяла цяжкавагавы састаў А.М. Чухнюк. Яе працоўны пачын падтрымалі іншыя чыгуначнікі. За высокія паказчыкі ў рабоце яна была ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Такую ж узнагароду атрымалі беларускія чыгуначнікі А.В. Глебаў, М.А. Макараў, І.П. Першукевіч, А.А. Янкоўскі.

Частка эвакуіраванага насельніцтва працавала ў сельскай гаспадарцы трактарыстамі, камбайнерамі, жывёлаводамі, паляводамі, брыгадзірамі, старшынямі калгасаў.

Прадсатаўнікі калгасаў і саўгасаў забяспечвалі армію харчаваннем і фуражом. Толькі за 4 гады (1941-1944), нягледзячы на акупацыю Беларусі, Украіны, іншых раёнаў краіны, было нарыхтавана 4,3 млрд п. хлеба, г.зн. у 3 разы больш, чым было нарыхтавана і закуплена ў Расіі за Першую сусветную вайну.

Нельга не адзначыць, што ўвесь цяжар земляробчай працы ў час вайны вынеслі на сваіх плячах жанчыны, а таксама старыя і падлеткі. Ды і ў прамысловай вытворчасці доля працуючых жанчын складала (па стану на 1945 г.) да 56%. [1, с. 276].

Дзякуючы намаганням працаўнікоў тылу Савецкія Узброеныя Сілы атрымалі за гады вайны больш за 10 млн т боепрыпасаў, 16 млн т паліва, 40 млн т харчавання і фуражу, а таксама вялікую колькасць іншых матэрыяльных сродкаў. [1, с. 276]. Адзінства фронту і тылу, працоўны гераізм жыхароў горада і вёскі былі магутным фундамантам Вялікай Перамогі.


3.Уклад культурных дзеячаў Беларусі ў перамогу


Неацэнны ўклад у Вялікую Перамогу ўнеслі інтэлегенцыя, работнікі народнай адукацыі і навукі, культуры, літаратуры і мастацтва Беларусі. На ўсход краіны з рэспублікі былі эвакуіраваны 60 навукова-даследчых інстытутаў і лабараторый, 6 тэатраў, больш за 20 вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. [1, с. 277]. Белдзяржуніверсітэт працягваў сваю работу па скарочаных вучэбных планах пад Масквой на станцыі Сходня, Акадэмія навук БССР - у Казані, тэатр імя Янкі Купалы дзейнічаў у Томску, оперны тэатр - у Горкім і г.д.

Нягледзячы на цяжар ваеннага часу, народ пряўляў клопат аб выхаванні і адукацыі дзяцей. Каб даць магчымасць падлеткам прадоўжыць адукацыю без адрыву ад вытворчасці, з 1943 г., па меры вызвалення тэрыторыі ад акупантаў, арганізоўваліся агульнаадукацыйныя школы, школы рабочай і сельскай моладзі (ШРМ, ШСМ). Яшчэ раней пачалі дзейнічаць т.зв. «лясныя», альбо партызанскія школы. У 1942/43 навучальным годзе толькі ў Любанска-Кастрычніцкай партызанскай зоне працавала каля 20 такіх школ.

Вучоныя Белдзяржуніверсітэта і Акадэміі навук БССР вырашалі задачы, якія мелі абароннае і народнагаспадарчае значэнне: удасканальвання тэхналагічных працэсаў у прамысловасці; вывядзення новых гатункаў і павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур; распрацоўкі новых метадаў лячэння салдат і афіцэраў; пошуку новых радовішчаў прыродных выкапняў і г.д.

Вялікую выхаваўчую ролю адыгрывала ў час вайны літаратура. Глыбокі водгук у салдат, партызан, насельніцтва атрымала творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, А. Астрэйкі, П. Броўкі, А. Куляшова, М. Лужаніна, П. Панчанкі, М. Танка і інш. Многія творы беларускіх пісьменнікаў былі перакладзены на рускую мову (выбраныя творы Я. Купалы, аднатомнік вершаў Я. Коласа, паэма М. Танка «Янук Сяліба», зборнік апавяданняў М. Лынькова і інш.).

Цесную сувязь с савецкай арміяй прадэманстравалі работнікі мастацтва. З першых дзён вайны былі створаны творчыя (франтавыя) брыгады Беларускага тэатра оперы і балета. Толькі на працягу месяца Р.В. Млодак, І.М. Балоцін, С.Ю. Друкер і іншыя артысты тэатра далі каля 40 канцэртаў для воінаў дзеючай арміі Калінінскага фронту. У савецкім тыле і на перадавой выступалі калектывы іншых беларускіх тэатраў. Тэатр імя Я. Купалы, знаходзячыся ў Томску, абслугоўваў мясцовае насельніцтва, вайсковыя часці і шпіталі, накіроўваў сваіх лепшых выканаўцаў Г.П. Глебава, Л.Р. Рахленку, Л.І. Ржэцкую, З.Ф. Стому і іншых у часці дзеючай Арміі. За тры гады свайго «сібірскага» перыяду ён паставіў 870 спектакляў, якія праглядзелі каля 750 тыс. чалавек. Калектывы ўсіх беларускіх тэатраў давалі шэфскія канцэрты і спецыяльныя пастаноўкі для стварэння фонду абароны.

Інтарэсы фронту займалі галоўнае месца і ў творчасці беларускіх кампазітараў і мастакоў. Нагадаем оперу «Алеся» Я. Цікоцкага, сімфанічныя і інструментальныя творы «З дзённіка партызана», «Суровыя дні» М. Аладава; скульптурныя партрэты К. Ракасоўскага, М. Яроменкі, В. Талаліхіна, створаныя З. Азгурам; карціны «Беларускія партызаны» М. Філіповіча, «Адпомсцім» Я. Красоўскага і інш.

Беларускія кінааператары на базе Маскоўскай студыі-хронікі штомесячна выпускалі кіначасопіс «Савецкая Беларусь». Спецыяльна для абслугоўвання партызан і насельніцтва акупіраванай рэспублікі пры Усесаюзным радыёкамітэце была створана беларуская рэдакцыя радыёвяшчання, якая штодзённа выпускала радыёперадачы. Не спынялі работу беларускі друк, Дзяржаўнае выдавецтва БССР.

Работнікі народнай адукацыі, навукі, культуры, літаратуры, мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі ў гады вайны працавалі для народа, выхоўвалі пачуццё патрыятызму, мужнасці, нянавісці да захопнікаў, натхнялі на непрымірымую барацьбу с ворагам.


4.Еўрапейскі рух супраціўлення


Фронт барацьбы жыхароў Беларусі з ворагам пралягаў і за межамі СССР. Плячо ў плячо з замежнымі антыфашыстамі змагаліся 40 тыс. савецкіх людзей, якія ўцяклі з канцэнтрацыйных лагераў і іншых фашысцкіх засценкаў. Сярод іх былі і прадстаўнікі Беларусі - ваеннаслужачыя, партызаны і падпольшчыкі, што трапілі ў палон, а таксама мірныя грамадзяне, прымусова вывезеныя ў фашысцкую няволю.

Былі і байцы нябачнага фронту. Далёка за межамі Беларусі вядома імя савецкага разведчыка ўраджэнца Чавусаў Магілёўскай вобласці Л.Я. Маневіча. Ён шмат зрабіў для Перамогі. Пасля арышту ўзначальваў услед за легендарным А.М. Карбышавым падпольную арганізацыю ў гітлераўскім лагеры смерці Маўтхаўзен.

Цяжка параненым у варожым палоне апынуўся генерал Д.Ф. Цумараў, ураджэнец вёскі Цяхцін Бялыніцкакга раёна. Фашысты адправілі яго ў Рэгензбургскі канцлагер, дзе ён ўключыўся ў падпольную барацьбу. За арганізацыю пабегаў і агітацыю гэты мужны воін вясной 1944 г. быў перапраўлены ў канцлагер Маўтхаўзен і там расстраляны.

Актыўным антыфашыстам, рэдактарам рукапіснай газеты падпольнай арганізацыі «Іскра», што дзейнічала ў лагеры г. Вурцэна, быў селянін пасёлка Высачаны Віцебскай вобласці П.Д. Шаўраў. У гэтай жа арганізацыі знаходзіўся і брэстаўчанін, былы пагранічнік У. Мураўёў. Устанавіўшы сувязь з немцамі-антыфашыстамі, патрыёты арганізоўвалі пабегі з канцлагера, дапамагалі хворым, знясіленым.

У фашысцкі канцлагер Остаўцаў, які быў размешчаны ў прыгарадзе Мюнхена, у 1943 г. прыбыла група зняволеных з Беларусі. У іх ліку знаходзіўся і былы партызан В. Грынь. Хутка ён ўключыўся ў падпольную барацьбу. Разам з адным з кіраўнікоў падполля немцам-антыфашыстам Зепам ён дабываў зброю, медыкаменты, харчаванне і рыхтаваў вялікую групу вязняў да ўцёку ў лес. Але здзейсніць задуманае не ўдалося: падасланы правакатар выведаў план і выдаў патрыётаў. Грынь і Зеп загінулі пакутнай смерцю, але нікога не выдалі са сваіх таварышаў.

Сыны Беларусі змагаліся з ворагам у радах італьянскіх партызан. У правінцыі Александрыя адным з лепшых памочнікаў камандзіра 16-ай гарыбальдзійскай дывізіі «Вагано» быў 19-гадовы студэнт з Мінска Аляксандр. У памяці партызан засталося толькі яго імя. Сам Аляксандр загінуў у снежні 1944 г. На італьянскай зямлі загінуў таксама А.К. Кісялёў, ураджэнец вёскі Стары Стан Клімавіцкага раёна, які змагаўся ў гарабальдзійскай партызанскай брыгадзе «Матэоці». 16-гадовым юнаком быў адпраўлены на прымусовыя работы М.С. Фралоў з вёскі Сідаравічы Магілёўскага раёна. Апынуўшыся ў Італіі, ён уцёк да партызан. Пасля вызвалення гэтай краіны атрымаў «Пасведчанне патрыёта». Інжынер з Джяржынска А.В. Варанкоў, уцёкшы ў 1943 г. з фашысцкага канцлагера, быў начальнікам штаба партызанскага атрада, а потым брыгады, якая дзейнічала на тэрыторыі Бельгіі. Пасля выгнання фашысцкіх захопнікаў ён у ліку 30 іншых савецкіх партызан быў узнагароджаны вышэйшым ваенным бельгійскім ордэнам.

Шмат працоўных Беларусі прымала ўдзел у французскім руху Супраціўлення «Свабодная Францыя». Ураджэнец Смаргоні Ф.К. Варанішча быў удзельнікам барацьбы ў Бардо. Па заданню французскіх камуністаў ён арганізоўваў уцёкі савецкіх ваеннапалонных з лагераў. 47 чалавек накіраваў патрыёт у партызанскія атрады Францыі. Адным з кіраўнікоў антыфашысцкай падпольнай арганізацыі ў Маўтхаўзене быў ураджэнец г. Чавусы Леў Маневіч.

У нашай краіне і за яе межамі вядома імя лейтэнанта Савецкай Арміі В.В. Потрыка, які стварыў легендарны камітэт у адным з раёнаў Па-дэ-Кале. Яго сувязнымі былі мінская падпольшчыца Т.В. Чахоўская і В. Барбук з Жодзіна. Дапамогу аказвалі таксама выхадцы з Маладзечанскага раёна У.Я. і С.І. Ліхота-Кісель і ўраджэнец Міёрскага раёна А.Д. Панізнік.

У дэпартаменце Марбілэ вясной 1944 г. у французскі рух Супраціўлення ўлілася група ваеннапалонных, якой кіраваў Ф.Ф. Кажамякін, ураджэнец Магілёўскай вобласці. У адным з баёў у верасні 1943 г. ён загінуў смерцю героя. Пасмяротна быў узнагароджаны вышэйшай узнагародай Францыі - ордэнам Ганаровага легіёна. У Эльзас-Латарынгіі гераічна змагаўся атрад «Смерць фашызму», створаны былымі мінскімі падпольшчыкамі. У ліку яго кіраўнікоў былі Ф. Ліхавец, У. Руткоўскі, сярод байцоў - У. Бялько, П. Цінкевіч, Р. Карапанаў і іншыя.

Актыўны ўдзел у руху Супраціўлення прымалі і дочкі Беларусі. З уцёкшых у маі 1944 г. з лагера Эрувіль жанчын быў створаны жаночы партызанскі атрад «Радзіма», якім кіравала жыхарка Мінска Н.І. Лісавец. Атрад прымаў удзел у розных баявых аперацыях. Пазней камандзіру атрада, а таксама Р.З. Сямёнавай-Фрыдзон было прысвоена званне лейтэнанта французскай арміі.

На тэрыторыі Чэхаславакіі дзейнічала больш за 17 тыс. савецкіх партызан. [1, с. 275]. Сярод іх ураджэнец Лепельшчыны Вячаслаў Квіцінскі. У жніўні 1944 г. ён узначаліў атрад, потым ператворыны ў асобную чэхаславацкую брыгаду імя Клімента Готвальда, якая ажыццявіла 158 баявых аперацый, удзельнічала ў вядомым Славацкім паўстанні. [2, с. 321]. В.А. Квіцінскі быў узнагароджаны Залатой Зоркай Героя Савецкага Саюза, двума ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі ЧССР.

Рух Супраціўлення, які па свайму характару і мэтах быў антыфашысцкім, агульнадэмакратычным, меў важнае гістарычнае значэнне. Сам факт кансалідацыі ў ім людзей розных поглядаў, паходжання сведчыў аб росце свядомасці народных мас, якія адверглі фашызм. Змагары Супраціўлення наносілі адчувальныя ўдары па варожых камунікацыях і гарнізонах, зганялі фашысцкіх акупантаў з населеных пунктаў, а ў некаторых краінах (Югаславія, Грэцыя, Албанія, Францыя) узброеныя фарміраванні антыфашыстаў вызвалілі ўсю тэрыторыю альбо большую яе частку.

5. Людскія, матэрыяльныя і культурныя страты Беларусі ў час вайны

вайна патрызан фашызм

Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне была дасягнута велізарнай цаной. У памяці жыхароў Беларусі трывала замацавалася лічба 2 млн. 200 тыс. [2, с. 322]. Столькі людзей загінула ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі. Гэтая лічба ўвайшла ва ўсе энцыклапедыі і кнігі аб Вялікай Айчыннай вайне. Упершыню яна стала вядома ў 1945 г. у выніку абагульнення звестак Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі (НДК) па ўстанаўленню і разведаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У сувязі з тым, што апошнім часам асобымі аўтарамі робіцца спроба паставіць пад сумненне даную лічбу, ёсць неабходнасць падрабязней расказаць, як яна ўзнікла. У снежні 1945 г. па даных абласных і раённых камісій садзейнічання НДК і па яе пратаколах была складзена даведка аб ахвярах нямецка-фашысцкіх злачынстваў на Беларусі, у якой былі прыведзены наступныя звесткі:

Усяго знішчана грамадзянскага насельніцтва і ваеннапалонных 2 219 316 чалавек. [2, с. 322]. У гэтую агульную лічбу не ўключаны тыя, хто быў вывезены ў Германію і загінуў там. Па розных прычынах звыш 260 тыс. жыхароў Беларусі не вярнуліся на Радзіму.

У гэтую статыстыку не ўключаны жыхары Беларусі, якія змагаліся ў Чырвонай Арміі, прапалі без вестак ці загінулі ў палоне, а таксама загінуўшыя ў партызанскіх атрадах.

Больш таго, цяпер высвятляеццца, што даныя Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па шэрагу раёнаў значна заніжаны. Так, па афіцыйных звестак, у Талачынскім раёне лічыліся загінуўшымі 2500 чалавек. У выніку пераправеркі і апублікавання спісу загінуўшых было ўстаноўлена 10 тыс. прозвішчаў загінуўшых. Не выключана, што такое магчыма і па іншых раёнах.

Да гэтага трэба дадаць, што даныя НДК не зусім дакладныя і па шэрагу лагераў ваеннапалонных у Масюкоўшчыне было зафіксавана звыш 80 тыс. загінуўшых. Дзякуючы беларускім даследчыкам, тут знойдзены яшчэ шэраг брацкіх магіл, у выніку лічба ахвяр павялічылася да 110 тыс. Ужо пасля роспуску камісіі дадаткова былі знойдзены пахаванні 150 тыс. чалавек, якія раней не былі вядомымі. Такім чынам, колькасць загінуўшага насельніцтва Беларусі была значна большай, чым да гэтага было вядома (см. дадатак А).

Знішчэнне беларускіх людзей насіла мэтанакіраваны характар, што выцякала з нацысцкай ідэалогіі і захопніцкай палітыкі германскіх акупантаў. Расправы над людзьмі былі самымі жудаснымі і пераўзыходзілі сярэдневяковае варварства. Гітлераўцы нярэдка заганялі людзей у будынкі, зачынялі дзверы і падпальвалі. Людзі гарэлі, паміраючы пакутлівай смерцю. З 9200 населеных пунктаў, разбураных і спаленых акупантамі ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 628 былі знішчаны з усімі жыхарамі, 4667 - з часткай насельніцтва. У Віцебскай вобласці 243 вёскі спальваліся двойчы, 83 - тройчы, 22 - чатыры і больш разоў. [4, с. 199].

За гады акупацыі Беларусь старціла палову свайго нацыянальнага багацця. Амаль поўнасцю былі знішчаны энергетычныя магутнасці, 90% станочнага парку, на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, без даху над галавой засталося амаль 3 млн чалавек. Пасля вызвалення ў рэспубліцы налічвалася 60 тыс. дзяцей-сірот. Поўнасцю было знішчана 6177 і часткова 2648 школьных памяшканняў, 40 ВНУ, 24 навуковыя ўстановы, 200 бібліятэк, 4756 тэатраў і клубаў, 1377 бальніц і амбулаторый, 2188 дзіцячых устаноў. [4, с. 199].

Прыведзеныя даныя яскрава сведчаць, з якімі цяжкасцямі сустрэўся беларускі народ у пасляваенны час, якія багатыя духоўныя і фізічныя сілы былі неабходны, каб узняць з руін парушаную вайной народную гаспадарку.


Заключэнне


Крывавая, жудасная вайна, якая больш трох гадоў ішла на тэрыторыі Беларусі, яскрава сведчыла аб непахісным жаданні беларускага народа адстаяць сваю Бацькаўшчыну, яе незалежнасць. Гэта было намерам і іншых народаў Савецкага Саюза.

Перад тварам смяротнай небяспекі, якая пагражала чалавецтву, абядналіся ўрады і краіны, мільёны людзей на розных кантынентах, нягледзячы на іх светапогляды і прыхільнасць дзяржаўнаму ладу, абядналіся вакол ідэі змагання з фашысцкай агрэсіяй, каб перамагчы і выжыць.

Перамога над ворагам была дасягнута цаной велізарных ахвяр і страт. У Беларусі захопнікі з садысцкай жорсткасцю забілі, закатавалі, спалілі жыўцом звыш 2,2 млн чалавек. [4, с. 198].

За час вайны за мужнасць і гераізм ордэнамі і медалямі было ўзнагароджана звыш 7 млн ваеннаслужачых, больш за 11 тыс. чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Звыш 300 тыс. салдат і афіцэраў - ураджэнцаў Беларусі - атрымалі ордэны і медалі, 441 воін удастоны звання Героя Савецкага Саюза, а чацвярым (лётчык П.Я. Галавачоў, камандзіры танкавых злучэнняў І.І. Гусакоўскі, С.Ф. Шутаў, І.І. Якубоўскі) гэта званне прысвоена двойчы, 65 ураджэнцаў Беларусі сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. [1, с. 274].

Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу, у справу разгрому фашызму атрымаў прызнанне ва ўсім свеце. Улічваючы гэта, 27 красавіка 1945 г. міжнародная канферэнцыя, скліканая для ўтварэння ААН, прыняла рашэнне аб уключэнні БССР у лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, якая і сёння ахоўвае мір і бяспеку народаў.


Спісак літаратуры


1.Гісторыя Беларусі: падручнік: у 2 ч. Ч. 2. Люты 1917 г. - 2004 г. / Я.К. Новік і інш.; пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. - 2-е выд. - Мн.: Выш. шк., 2006. - 472 с.

2.Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2/ М.П. Касцюк, І.М. Ігнаценка, У.І. Вышынскі і інш.; Інстытут гісторыі АНБ. - Мн.: Беларусь, 1995. - 560 с.: іл.

3.Новік, Я.К. Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў - па 2008 г.: вучэб. дапам. / Я.К. Новік, І.Л. Качалаў, Н.Я. Новік; пад рэд. Я.К. Новіка. - Мінск: Выш. шк., 2009. - 512 с.

4.Каваленя, А.А. Беларусь напярэдадні і ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн: дапаможнік / А.А. Каваленя, І.А. Саракавік; пад рэд. А.А. Кавалені. - Мінск: Беларусь, 2008. - 271 с.



РЕФЕРАТ на тэму: «Роля беларускага народа ў перамозе над фашызмам» Уводзіны

Больше работ по теме:

КОНТАКТНЫЙ EMAIL: [email protected]

Скачать реферат © 2019 | Пользовательское соглашение

Скачать      Реферат

ПРОФЕССИОНАЛЬНАЯ ПОМОЩЬ СТУДЕНТАМ